Парады псіхалагіні аб падтрымцы Вольных...

Пра карысць і значнасць падтрымкі вядома шмат - гэта неабходны складнік для ўмацавання здароўя і здольнасці вытрымліваць складанасці лёсу.

У псіхалагічным плане падтрымка дае пачуццё прыняцця і прыналежнасці да групы, зніжае ўнутранае напружанне і сімптомы дэпрэсіі / трывожнасці.

Але і падтрымка - гэта складаны занятак. Сабралі парады аб тым, як падтрымліваць слушна і не забываць пра сябе. 

Захоўвайце допіс, дзяліцеся ў гісторыях і падтрымлівайце Вольных і сваё атачэнне!

У першую чаргу паклапаціцеся пра сябе

На падтрымку патрэбны сілы. Калі вы ў разгубленасці і не знаходзіце слоў, лепш за ўсё будзе так і сказаць. Разам з тым, можна спытаць, што чалавек хацеў бы і не хацеў бы чуць. 

Будзьце сумленным з сабой і аб'ектыўна ацэньвайце магчымасці. Калі вы праходзіце праз складаны этап, важна каб вы выразна разумелі, якую падтрымку можаце даць, а ў які момант яна патрэбна і вам.

Падтрымка - гэта камунікатыўны працэс. Для слушнай падтрымкі важна, каб бакі зразумелі адзін аднаго. У іншым выпадку можна параніць свае і чужыя пачуцці альбо сутыкнуцца з адмовай ці негатыўнай рэакцыяй. 

Нават добрыя намеры могуць быць успрынятыя нечакана, таму што спосабаў і формаў падтрымліваць шмат. 

Пачаць лепш за ўсё з пытанняў:

“Як цябе падтрымаць?”

“Што я магу для цябе зрабіць” 

“Якая падтрымка зараз будзе дарэчнай для цябе?”

Кагосьці трэба выслухаць, кагосьці - падбадзёрыць, камусьці неабходны грошы ці дапамога па гаспадарцы. Кагосьці важна абняць ці патрымаць за руку, а з кімсьці проста пасядзець моўчкі побач.

Абірайце ў кожным выпадку прыдатны спосаб і не саромейцеся пытаць пра тое, як чалавеку лепш.

Спосаб №1. Актыўнае слуханне

Магчыма, чалавеку трэба выгаварыцца. У гэтым выпадку задача - паказаць, што вы гатовыя слухаць і быць побач. Праявіце зацікаўленасць глядзельным кантактам, мімікай ды жэстамі. Дайце прастору для ўсяго, чым чалавек хоча падзяліцца.

Спосаб №2. Адлюстраванне. 

Чалавеку ў афекце можа быць складана зразумець, што з ім адбываецца. Можна гэта падсвятліць нібыта здагадкамі ці пытаннямі: “Ты, напэўна, цяпер вельмі напалоханы”, “Падобна, ты вельмі раззлаваўся”. 

Аднак важна, каб гэта не было абясцэньваннем або газлайтынгам. 

НЕ выкарыстоўвайце: 

“Табе здаецца”

“Усё не так дрэнна”

“Ты накручваеш” і г.д.

Спосаб №3. Эмпатычныя пытанні

Дарэчнымі будуць пытанні “Што ты адчуваеш на гэты конт?”, “Што для цябе гэта значыць?”.

Але будзьце ўважлівымі, каб вашыя пытанні не гучалі пагардлівав ці як абясцэньванне!

Спосаб №4. Валідацыя (ці нармалізацыя)

Вы можаце пацвердзіць пачуцці чалавека, каб ён атрымаў пачуцце, што яго разумеюць: “Гэта нармальна - адчуваць такое”, “Ты маеш права адчуваць любыя пачуцці і выражаць іх”. 

Спосаб №5. Рэлевантны досвед

Падзяліцеся сітуацыяй з свайго жыцця, калі маеце падобны вопыт, ці шчыра выкажыце цяперашнія пачуцці. Але вельмі важна:

  • каб увага заставалася на тым, каго падтрымліваеце
  • каб гэта надавала значнасці пачуццям і сітуацыі таго, каго падтрымліваеце
  • каб гэта не было балюча для вас 

Нельга выкарыстоўваць:

“У кагосьці/мяне было горш” - абясцэньвае досвед чалавека.

“Гэта хутка забудзецца” - ніхто не ведае, колькі часу спатрэбіцца.

“Я цябе разумею” - таму што, каб разумець, трэба быць тым жа чалавекам з ідэнтычным досведам і ў ідэнтычных абставінах. А гэта немагчыма. 

“Затое ты здаро_вая/на волі/зараз тут” і г.д.” - таксама абясцэньванне, як быццам існуючай сітуацыі недастаткова для падтрымкі і спагады.

Спосаб №6. Падтрымка справай

Клопат можна праявіць фізічна, але загадзя ўдакладніўшы, што і як трэба зрабіць. Напрыклад, абняць, прыгатаваць ці замовіць ежу, атуліць коўдрай, купіць прадукты ці нейкія бытавыя рэчы. 

І па-над усімі спосабамі не забудзьцеся акуратна спытаць, ці патрэбна прафесійная падтрымка.

Стаўце падабайку ў нашым Instagram, дзяліцеся ў сторыс і захоўвайце пост, каб павярнуцца за парадамі!