Парады валанцёр_кам ад Насты Базар

27 лютага Наста Базар правяла для ініцыятывы Volnyja сустрэчу, дзе разам з удзельні_цамі абмеркавалі:

✅Калі варта ісці ў валанцёры?
✅Як дапамагаць і клапаціцца пра сябе?
✅І як праз валанцёрства атрымліваць рэсурс?

Парады ад Насты будуць карысныя тым, хто хоча стаць валанцёрам, і тым, хто ўжо даўно ў гэтай сферы.

А калі вы дакладна ведаеце, што гатовы дапамагаць зараз – запаўняйце анкету ментар_кі і падтрымлівайце Вольных!

Мы вельмі ганарымся беларус_камі за іхнюю салідарнасць і ўзаемадапамогу. Вы даеце разуменне, што добрых людзей больш. Але няма калі спыняцца! Таму сабралі інструкцыю пра тое, як ісці ў валанцёрства і не выгарэць.

Пачынаем з вызначэння каштоўнасцей:

  1. Што для цябе сапраўды важна ў жыцці? 

Згодныя, пытанне цяжкае і крыху пафаснае, але толькі праз сумленны адказ з’явіцца разуменне, ці трэба ўвогуле і навошта дапамагаць іншым.

  1. Каму і чаму для цябе важней за ўсё дапамагаць? 

На жаль, усім адразу дапамагчы не атрымаецца. Таму абіраем самае кранальнае і зразумелае для сябе. 

  1. Дзе твае межы?

Вызначы: што ты можаш ці не можаш, што табе падабаецца рабіць, а што складана.Трэба памятаць: няма няважнай працы, таму важна знайсці тое, што табе камфортна і цікава.

Аналіз рэсурсаў

  • Навыкі: вызначы, што ты робіш добра, якія твае галоўныя і карысныя скілы?
  • Рызыкі. Карыснае пытанне: што я НЕ раблю, калі раблю гэта. Напрыклад, калі я дапамагаю, я ігнарую свае патрэбы. Ці калі я больш часу прысвячаю валанцёрству, тады я ігнарую сям’ю. Гэта дапаможа знайсці баланс і не браць на сябе зашмат. 
  • Час. Вызначы, колькі часу ты можаш (у дзень/тыдзень) выдаткаваць на дапамогу іншым. Для гэтага можна скарыстацца рознымі прыладамі для ўліку працоўнага часу (Timesheets).

У Volnyja звяртаюцца па дапамогу людзі, якія маюць розную ступень ўзаемадзеяння з ментар_камі. Мы ўлічваем гэта пры падборы пары (ментар_ка+Вольн_ая) і адаптуемся пад патрэбы кожнага чалавека.

Адказнасць – пра сябе і іншых

  • Лепш адмовіць адразу, чым падвесці потым

Калі не разлічыць свой час ці сілы, паабяцаць і потым своечасова не дапамагчы, то ў выніку атрымаецца сітуацыя горшая, чым першапачаткова не пагадзіцца дапамагчы.

  • У канфлікце каштоўнасцей вырашаеш ты

Дапамагаць ці не чалавеку з іншымі поглядамі ў сітуацыі, у якой звычайна дапамагаеш, – гэта твой асабісты выбар. 

  • Спачатку клапаціся пра сябе – потым пра іншых. 

Рэсурсу для іншых не будзе, калі мы своечасова не ўсведамім асабісты стан і не дадзім сабе адпачынак.

Клопат пра сябе

База: сон, ежа, фізічная актыўнасць заўсёды ў прыярытэце. 

Спачатку закрываем свае базавыя патрабаванні, а толькі потым дапамагаем закрываць іх іншым. 

Фокус: лепш зрабіць эфектыўна і якасна адну справу, чым 5 неэфектыўна. Таму расстаўляйце прыярытэты і плануйце свой час.

Адпачынак! Плануй яго так, як час на працу ці валанцёрства. Тады зможаш быць карысным на 100% у кожнай дзейнасці. 

Гнуткасць. Зразумела, што бываюць выпадкі з недасыпам, але трэба памятаць, што і гэта скончыцца. Варта спланаваць аднаўленне пасля, каб дапамагчы сабе ўвайсці ў звычайны рытм.

Не забывай фіксаваць свой стан і браць пад увагу адчуванні. Калі ёсць стомленасць, трэба паклапаціцца пра сябе. Нават калі не можаш вызначыць прычыну гэтай стомленасці. 

Не саромейся прасіць і прымаць дапамогу. Гэта ўвогуле нармальна, а яшчэ і дапаможа табе далей рабіць свет лепш. 

І галоўнае:

Быць рэсурсам для кагосьці – гэта таксама рэсурс.

Ваша падтрымка патрэбна зараз 14 Вольным.

Дзякуй усім, хто прыйшоў на размову з Настай, хто далучаецца да дапамогі і хто працягвае сваю справу! 

А яшчэ вялікі дзякуй за водгукі! Спадзяемся, што ўсе веды будуць карыснымі і вы выкарыстаеце іх ў жыцці.