Гонар упрыгожвае

Volnyja ганарацца быць беларус_камі! Далучаемся да сумеснай акцыі Годна, Сумленных Людзей і Будзьма #гонарупрыгожвае

Чальцы нашай каманды распавялі, чым яны ганарацца і што вылучае нашу беларускасць.

Вераніка Станкевіч, каардынатарка ініцыятывы Volnyja 

“У 2021 годзе я зрабіла татуіроўку з выявай Беларусі. Гэта быў спосаб задакументаваць важны эпізод ў маім жыцці – падзеі 2020 года. Мая татуіроўка – гэта сімвал таго, што я была сведкай і ўдзельніцай гэтых падзей. Гэта пастаянны напамін пра тое, што я ганаруся быць беларускай. Мая татуіроўка стала часткай маёй гісторыі і памяці, яна натхняе мяне рухацца далей”.

Жэня, менеджарка ментарскай праграмы 

“Я ганаруся тым, што мы не маўчалі і не маўчым. Нягледзячы на ​​тое, што падзеі 20-га года і ўсе наступныя вельмі балючыя, я не шкадую, што мы пачалі гэтую бітву. І мне вельмі цёпла ад таго, што ў гэтай бітве ёсць такія людзі, як мае калегі, як нашыя ментары, як тыя палітвязні, якіх мы чакаем і тыя, хто выйшаў і мае патрэбу ў нашай дапамозе. Быць аточанай такімі моцнымі духам людзьмі дорага каштуе”.

Зьміцер Фурманаў, тэхнічны менеджар

“Ганаруся нашымі Вольнымі, бо яны не здрадзілі сабе, сваім каштоўнасцям і працягваюць змагацца за Вольную Беларусь. Ганаруся нашымі ментар_камі, бо яны падтрымліваюць і дапамагаюць Вольным, то бок набліжаюць час Вольнай Беларусі. Ганаруся нашай камандай, бо яна дае ўсе неабходныя інструменты і адукацыю нашым ментар_кам. Ганаруся, што мы – Беларусы!”.

Ліза, капірайтарка

“Пасля пераезду адчуваць уласную беларускую ідэнтычнасць стала яшчэ важней і складаней. Таму я перавезла свае кніжкі на беларускай мове і арганізавала кніжны клуб. Мы чытаем і абмяркоўваем творы на роднай мове. Цікава, што клуб збліжае між сабой тых, хто з’ехаў і застаўся. А самі абмеркаванні сталі тэрапеўтычнымі групавымі сесіямі, дзе мы дзелімся пачуццямі і вызначаем сваю беларускасць. Я ганаруся тым, наколькі неабыякавыя беларус_кі мяне аточваюць. Вельмі прыемна заўважаць, колькі цеплыні і надзеі ў нас застаецца нягледзячы ні на што”.

Мы ганарымся нашымі ментар_камі, якія кожны дзень падтрымліваюць Вольных і робяць наша грамадства мацней. 

Мы ганарымся Вольнымі – нашымі героямі і гераінямі, якія працягваюць быць ініцыятыўнымі, актыўнымі і неверагоднымі.

Мы ганарымся вамі – нашымі падпісчы_цамі, сябр_оўкамі, донарамі і самай лепшай аўдыторыяй. 

Дзякуй вам за ўвагу, падтрымку і ўдзел у нашых актыўнасцях!