Першыя крокі побач з Вольнымі: як блізкім дзейнічаць у першы час пасля вызвалення

У працэсе рэсацыялізацыі Вольных удзельнічае ўсё ягонае асяроддзе: родныя, сябры і сяброўкі, нават людзі, якія працуюць побач у сферы паслуг.

Гэта можа гучаць дзіўна, але зусім няшмат людзей сапраўды ведае, што рабіць пасля вызвалення – як сярод Вольных, так і іх блізкіх. Таму мы спыталі псіхалагіню, як сябе паводзіць з людзьмі, якія апынуліся на волі.

Першы час на волі вельмі важны: шмат моцных і перапаўняльных эмоцый, сустрэчы з роднымі і сябрамі, а таксама пераход ад доўгачаканых мар да рэальнасці. 

Вольныя разам з псіхалагіняй сабралі парады для блізкіх, каб пазбегнуць няёмкасці, недагаворак і траўматычных момантаў для Вольных.

1. Быць побач

Было б добра, каб падчас вяртання на волю побач з Вольна_й быў адзін блізкі чалавек, да якога адчуваецца моцны давер: бацькі, партнёр ці ментар_ка.

Для падтрымкі не трэба ўвесь час нешта рабіць. Дастаткова быць побач, каб Вольн_ая мела магчымасць звярнуцца па дапамогу, спытаць, вымавіцца і шчыра сказаць, што хоча пабыць ад_на.

2. Вяртаць да самастойнасці 

За час у няволі чалавек можа губляць навык быць самастойным. Таму ў першыя дні даверанай асобе трэба будзе шмат тлумачыць і паказваць, як і чым карыстацца. Але важна ў наступны раз прасіць Вольн_ую зрабіць ужо самастойна.

3. Даваць магчымасць выбару

Для вяртання самастойнасці трэба, каб чалавек рабіў выбар сам. Пачніце з простых рэчаў: 

  • “Хочаш, каб мы правялі час разам альбо хочаш пабыць сам_а?”
  • “Дранікі ці бліны хочаш на абед?”
  • “Сінюю ці зялёную кофту падаць?”

Выбар павінен быць нескладаным і прыемным

4. Адзін дзень – адна справа

Ня трэба грузіць чалавека адразу ўсімі арганізацыйнымі справамі. Зразумела, што трэба вырашаць: з'язджаць ці не, легалізоўвацца, шукаць працу і рабіць вельмі шмат рэчаў. Але па-першае трэба даць магчымасць выдыхнуць, вярнуць увагу да сябе.

Давайце вольны час і прастору для сваіх блізкіх.

5. Адзначаць рэальнасць

Усё, што адбываецца – на самой справе. Як бы гэта не было, трэба прагаворваць, што цяпер Вольн_ая ў бяспецы, вы ёсць побач. Прапаноўвайце казаць пра свае пачуцці, апісваць, што і як адчувае Вольн_ая, што падабаецца, а што не.

6. Сачыць за сваімі рэакцыямі 

Нашы перажыванні могуць быць траўмуючымі для іншага чалавека. Гледзячы з іншага боку, мы можам адчуваць боль і віну, калі выклікаем цяжкія пачуцці. Таму намагайцеся трымацца спакойна і паклапаціцеся, каб у вас была прастора для размяшчэння сваіх пачуццяў – сябры, псіхолаг, іншыя сваякі Вольных.

У выпадку з вострай рэакцыяй (плач, галашэнне, шкадаванне) чалавек можа закрыцца ў сабе, перастаць шчыра выражаць свае пачуцці і рассказывать пра свой досвед.

7. Параіць дапамогу псіхолага

Прагаварыце, што Вольн_ая мае магчымасць звярнуцца да псіхолага/псіхатэрапеўта. Калі вы заўважаеце трывожныя сігналы ў паводзінах і рэакцыях Вольна_й, лепш настаяць на сустрэчы са спецыялістам. 

Ініцыятыва Вольныя дапаможа атрымаць кваліфікаваную псіхалагічную падтрымку для Вольных і іх блізкіх бясплатна. Звярніцеся да нас па дапамогу ці кансультацыю. І няхай працэс рэсацыялізацыі пройдзе лёгка!